• Сб. Апр 1st, 2023

Свіла: царква, якую маляваў Драздовіч

Автор:vglybokaye

Ноя 10, 2021

Чым цікавая была царква ў вёсцы Свіла каля Падсвілля, якая загінула ў полымі пажару, у 1968 годзе? Найперш таму, што пабудаваная ў 1935-м г па арыгінальным праекце ў “закапанскім” стылі.

Піша краязнаўца Уладзімір Скрабатун.

Большасць праваслаўных цэркваў у нашым краі пабудаваныя па тыпавых праектах  у т.зв. псеўдарускім стылі (мураўёўкі) – падобных адна на адну. Яны ўяўляюць каштоўнасць не сваёй архітэктурай, а толькі, як культавы будынак, дзе праводзяцца набажэнствы. У якасці прыкладу: царква у Празароках, цэрквы ў Язне і  ў Цвеціне (абое Мёрскі раён), царква ў Папоўшчыне (перад Галубічамі)… Абсалютна ідэнтычныя, як дзве кроплі вады!

Д.М. Снарковіч, жыхар вёскі, стаіць на падмурках згарэлай царквы. Тут была апсіда храма. У правым куце – адзін з двух дамоў святара, які пабудаваны пазней за першы. Фота © Уладзімір Скрабатун, 2005 г.

Выключэнне ўяўляюць праваслаўныя цэрквы, якія колісь былі касцёламі ці ўніяцкімі цэрквамі, якія царскімі ўладамі ў парыве татальнай русіфікацыі былі аднятыя ў рыма-каталікоў, ці грэка-каталікоў (уніятаў). Сярод іх – Кафедральны сабор  у Глыбокім, царква ў Беразвеччы (не існуе), царква ў Залессі Царкоўным (Бушыках), у Кавалях, у Лужках…

Свіла, адна з самых старадаўніх вёсак Глыбоччыны, упершыню згадваецца ў грамаце ад 4 верасня 1493 г, паводле якой кароль і вялікі князь Аляксандр пацвердзіў дарэнне сяла Свіла полацкім баярам Сянковічам. Заўважым, што ў 1493 г Свіла насіла статус сяла. А чым вёска адрозніваецца ад сяла? У сяле, як правіла, магла быць царква. Вось, напрыклад, цяперашняя глыбоцкая  вёска Сарокі ў дакументах ХІХ ст названая сялом. Тут была царква і паштовая станцыя. Заўважым, што такое буйное мястэчка, як Глыбокае, з насельніцтвам пад 5 тысячаў жыхароў, не мела пошты.

То бок, гіпатэтычна, па свайму статусу, Свіла магла ўжо у 1493-м мець царкву. Аднак, па дакументах, нам вядома што ў 1745 годзе, калі паселішча было ва ўладанні Глыбоцкага кармеліцкага кляштара, тут пабудаваная драўляная царква. Натуральна, уніяцкая, бо кармеліты ў сваіх маёнтках будавалі толькі ўніяцкія  храмы. Напрыклад, уніяцкая – цяпер праваслаўную – у вёсцы Кавалі.

У 2005-м  я наведаў Свілу, сустрэўся з мясцовымі жыхарамі. Яны далі перафатаграфаваць здымкі царквы. Казалі, што старыя людзі апавядалі пра нейкага мастака, які маляваў царкву.

— Язэп Драздовіч?– пытаю.

— Во, во! Драздовіч!

Праз два дзесяцігоддзі – за “польскім часам” ­– свільчане, на папялішчы, вырашылі адбудаваць новую драўляную царкву. Як сведчаць здымкі царквы – яна была ўзведзеная ў “закапанскім” стылі, папулярным у 1920-30 гг у тагачаснай Польшчы.

Татьяна Пасюк (Корсак) даслала ў рэдакцыю “ВГ” урывак з  даследчай працы “Страчаныя святыні Глыбоччыны”:

Згадвае жыхар вёскі Свіла Віктар Рудак,   вось яго ўспаміны:

”Царква, якую бабуля памятала, згарэла ў 1921 годзе. Палякі наступалі, і нечый назіральнік сядзеў на званарні царквы (іх гармата стаяла ў раёне чыгункі станцыі Падсвілле), заўважылі, што бліснуў бінокль, пачалі страляць па царкве і падпалілі яе. У 1935 годзе свільчане сабралі грошы і дабіліся права пабудаваць царкву замест згарэлай. Польскія ўлады выдзелілі ім матэрыялы ( памятаю, бабуля расказвала, як будаўнікі ездзілі ў лес, пілілі і вазілі броўны). Кіраваў будоўляй царквы мой дзед Рудак Іван. Яму было тады 37 гадоў. Тады была Віленская епархія, прыязджаў з Вільні архітэктар, прывозіў чарцяжы, а далей будоўляй кіраваў мой дзед. Бабуля апавядала, што калі ўсе клаліся спаць, дзед запальваў лучыну (керасін трэба было шанаваць) і разбіраўся з чарцяжамі, каб раніцай людзям даць заданне.
За будаўніцтва царквы дзед атрымаў благаславёную грамату. Яна захоўваецца ў Сямейным архіве. Грамату падпісаў архіепіскап Віленскі і Лідскі Феадосій. Я спецыяльна правяраў – у тыя гады сапраўды быў такі. На грамаце рэгістрацыйны нумар (4167), г.зн. яна была афіцыйна зарэгістраваная.
На жаль, але здымку царквы ў мяне няма. Як выглядала яна, можна ўявіць, паглядзеўшы на карціну Язэпа Драздовіча (гл. малюнак у самым версе). На пярэднім плане (злева) – хата святара, у якой жыў Язэп Драздовіч, калі маляваў карціну. Царква паказана вельмі дакладна, а менавіта такой я яе і памятаю. Званарня – злева. Туды вяла вельмі стромкая лесвіца, і мне (малому) было вельмі страшна туды падымацца. На званарні вісеў адзін вялікі звон і некалькі маленькіх. Памятаю, мне аднойчы дазволілі ў іх пазваніць.
Царква згарэла ў 1968 годзе. На той час мы пераехалі ў вёску Прошкава, але я часта прыязджаў да бабулі. Мне ўдалося сфатаграфаваць толькі папялішча (на жаль, здымкі не захаваліся). Памятаю, на папялішчы дзеці знайшлі банку са зліткам металу жоўтага колеру. Гэта расплавіліся капейкі. Можна ўявіць, якая там была тэмпература. Афіцыйна царква згарэла нібы ад непатушанай свечкі. Але ўсе людзі казалі, што ўлады спецыяльна падпалілі ў ноч перад Ражством.

Можна падумаць, што свільчане талакой сабралі грошы і самі пабудавалі новую царкву. Не, не толькі. У царкву інвеставала сродкі і польская дзяржава. Згодна публікацыі ў нашай “абласной” то бок ваяводскай газеце  “Kurjer  Wileński “, №106 ад 17.04.1935 г, на заканчэнне будаўніцтва царквы – выдаткавана 500 злотых. 

 

Публікацыя ў “Kurjer  Wileński “, №106 ад 17.04.1935 г

 

Штогод, на Спаса – 19 жніўня – быў вялікі фэст. Хіба таму, што царква насіла тытул Спаса Праабражэнскай.

Як знікла свільская царква?

Мясцовыя жыхары апавялі аўтару, што нечакана ў сцюдзёны  зімовы дзень 1968 г, на Хрышчэнне (іншыя сведчылі — на Ражство), царква, нечакана, загарэлася.

Было жахлівае полымя, але бліжэйшую хату ўратаваў абраз Маці Божай!

 Апявядала аўтару В.І. Заяц, жыхарка найбліжэйшай хаты ад палымнеючай царквы:

–        Тут, побач, ля нашага дома, была бярозавая прысада. Пяць бяроз ураз згарэла! Ад невыноснай спёкі павысыпаліся шыбы ў хаце! Пачала тлець страха і хата, займалася полымям… Мы пачалі мачыць коўдры вадой і красці на тыя месцы. Але было зразумела – хату мы не ўратуем! І тады маці вынесла з хаты абраз Маці Божай і абышла з ім вакол хаты адзін раз, хацела і другі раз абысці, як полымя адвярнулася ў процілеглы бок, на поўнач… Хата засталася цэлай.

Ізноў дапамагла ікона Божай Маці!

— Нядаўна ж у нашай вёсцы таксама быў пажар. Жыў у хаце адзін чалавек, любіў выпіць. Лёг спаць, пэўна курыў, загарэліся коўдра і матрац. Потым, калі высыпаліся шыбы, полымя шуганула вонкі. Пачала гарэць і сама хата. Я крычу суседцы: “Оля!!! Вынасі ікону!” Оля абышла з іконай вакол хаты  і полымя адвярнулася ў бок лесу. Хата суседкі ацалела! Чалавек той загінуў, знайшлі толькі кавалкі абгарэлага цела…
–        ­А што ж пажарнікі?— запытаў  тады аўтар у гэтай спадарыні.
–        Не даехалі! Былі вялікія сумёты. Зіма ж, снегу было шмат, вуліца не расчышчаная… Прыехалі, калі засталося вуголле. Сказалі: “Мы думалі  – хата гарыць, а тут – царква!”

Якая прычына пажару? Людзі не выключаюць і наўмысны падпал. У тыя часы яшчэ ваяўніча адносіліся да рэлігіі, бурылі цэрквы і касцёлы (Сарокі, Канстанцінава…). Але і не выключаюць больш  верагодную прычыну — “бацюшку трэба было пускаць дым!” Распаліць вуголле ў люты мароз, калі калеюць пальцы, ён не змог. Вернікі прынеслі вуголле з дому. Можа і закаціўся кудысьці вугалёк?

Ці варта аднавіць свільскую царкву?

Калі б паўстала такое пытанне, то праект, у якасці дыпломнай працы, маглі б зрабіць і студэнты-архітэктары – у тым жа стылі, у тым жа вобразе і падабенстве. Але, але… Вясковае насельніцтва катастрафічна змяншаецца,  моладзь з’язджае… Ды й у блізлеглым Падсвіллі пад царкву прыстасавалі будынак ад былога польскага памежнага гарнізона. Як не дзіўна – таксама ў “закапанскім” стылі! Ну, хіба, у новай Беларусі, некалі, узнікне новая рэчаіснасць і мы павернемся ізноў  да Адраджэння!

comments powered by HyperComments
Scroll Up