Святар Вацлаў Шуневіч — глыбачанін, які стане бласлаўлёным

кс. Вацлаў Шуневіч СМ

Супольнасць святароў св. Вінцэнта дэ Поля ў Бразіліі праінфармавала, што Бразільская дыяцэзія Понта Гросса (штат Парана) звярнулася ў Ватыкан, з просьбай распачаць працэс беатыфікацыі ксяндза Вацлава Шуневіча СМ, вядомага, як “ксёндз урач”.

Кс. Вацлаў Шуневіч СМ, нарадзіўся 28 снежня 1892 года ў Глыбокім, Віленскай губерні, у шляхецкім родзе Шуневічаў, які з XVI стагоддзя жыў паміж Вільняй і Полацкам. Вацлаў быў сёмым малодшым дзіцём Рамуальда Шуневіча і Паліны Цыбульскай.

 

У 1898 годзе сям’я Вацлава пераехала ў Смаленск, дзе ён скончыў гімназію. Пазней ён вучыўся ў Маскве, дзе ў 1917 г. атрымаў дыплом урача. Адразу пасля атрымання дыплому яго прызвалі ў царскую армію і накіравалі на мінскі фронт. Вацлаў працаваў урачом у бальніцы Чырвонага Крыжа ў Смаленску, а потым у дзяржаўнай бальніцы ў Варонежы. Пасля таго, як скончылася Першая сусветная вайна Вацлаў пераехаў у Вільню, дзе з 1922 па 1926 гг. працаваў у педыятрычнай клініцы ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў якасці ўрача-асістэнта.

23 красавіка 1927 года ў Кракаве Вацлаў уступае ў Кангрэгацыю Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля. 8 верасня 1930 года прымае святарскае пасвячэнне і ў тым самым годзе накіроўваеца ў Кітай, у Сінтаі (або Шунтэх-фу) у правінцыі Хубэй, дзе польская правінцыя Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля распачала місійную дзейнасць. Адразу пасля прыезду ў Кітай ён пачынае працаваць лекарам і выконваць місійную душпастырскую дзейнасць. Спачатку ён арганізаваў шпіталь на 19 ложкаў у Сінтаі, а праз некалькі гадоў у шпіталі налічваецца ўжо 100 ложкаў. У радыўсе 30-70 кіламетраў ад Сінтая кс. Вацлаў Шуневіч СМ адкрывае і кіруе 18 клінікамі. Ён рэгулярна наведваў усе клінікі, адну за другой, ездзячы на ровары.

Дзякуючы ідэальнай арганізацыі, кс. Вацлаў мог праводзіць дзённа 35 афтальмалагічных працэдур. Штогод у тых медыцынскіх і тэхнічных умовах ён асабіста праводзіў каля 800 аперацый па выдаленні катаракты. Згодна з запісамі, толькі ў 1934 г. ва ўсіх медыцынскіх установах, падпарадкаваных кс. Вацлаву, было прадастаўлена больш за 154 000 афтальмалагічных кансультацый і працэдур.

У знак вялікай пашаны і прызнання кс. Вацлава Шуневіча СМ прызначаюць генеральным дырэктарам усіх каталіцкіх бальніц на поўначы Кітая. Шпіталь у Сінтаі стаў месцам “паломніцтва” хворых з самых далёкіх куткоў краіны. Кітайскія афтальмолагі атрымлівалі адукацыю і набывалі вопыт пад кіраўніцтвам кс. Вацлава. Яго называлі Сюан Вейрэн — «мужчына са срэбнай барадой».

Фота: muzeum.misjonarze.pl

У 1938 годзе ў Пекіне, галоўнай бальніцы каталіцкага ўніверсітэта, на працягу ўсяго трох месяцаў кс. Вацлаў змог адчыніць аддзяленне афтальмалогіі. Са снежня 1946-га па люты 1949-га ён працаваў у Французкім Правінцыяльным Шпіталі Сясцёр Міласэрнасці ў Цяньцзіні, у Французскім Шпіталі ў Пекіне і яшчэ адначасова ў двух шпіталях у Шанхаі. З-за рэвалюцыі і прыхода да ўлады камуністычнага рэжыму, кс. Вацлаў быў вымушаны прыпыніць сваю місійную і ўрачэбную дзейнасць. У 1949 годзе, як і ўсе польскія місіянеры, ён пакідае Кітай, але не вяртаецца ў камуністычную Польшчу. Праз Аўстралію ён накіроўваецца ў ЗША.

Як і іншыя польскія місіянеры св. Вінцэнта дэ Поля ў той час, кс. Вацлаў пераехаў у тагачасную польскую віцэ-правінцыю ў Юціцы. Спачатку жыў пры парафіі Св. Арханёла Міхала ў Дэрбі, штат Канэктыкут, а пазней пераехаў у парафію Св. Станіслава, у Нью-Хейвене, у тым самым штаце. У Нью-Хейвене знаходзіцца знакаміты Ельскі ўніверсітэт, дзе кс. Вацлаў распачаў навукова-дыдактычную працу на медыцынскім факультэце. Ён часта паўтараў, што навуковая праца гэта толькі дадатак да місійнай і душпастырскай дзейнасці. І менавіта таму пасля некалькіх месяцаў лекцый ва ўніверсітэце ён вырашае ехаць туды, дзе лічыў сябе больш патрэбным — у Бразілію.

У студзені 1952 года кс. Вацлаў пераязджае ў Курыцібу (Бразілія), у штат Парана. Спачатку ён нясе душпастырскую паслугу ў Мафра, а потым пераязджае у Іраці, дзе праслужыў сем гадоў у парафіі Св. Міхала да 16 кастрычніка 1963 года, да дня сваёй смерці. Несучы душпастырскую паслугу ў Іраці, ён прысвяціў сябе галоўным чынам сацыяльнаму служэнню, засноўваючы там клініку і бібліятэку, а таксама займаўся медыцынай у Шпіталі Міласэрнасці Св. Вінцэнта дэ Поль.

Да самой смерці кс. Вацлаў Шуневіч СМ быў практыкуючым афтальмолагам. Валодаў сямі мовамі. Акрамя польскай мовы, ён размаўляў на рускай, лацінскай, мандарынскай, англійскай, французскай і партугальскай мовах.

Як афтальмолаг і вучоны, ён быў вядомы як першы, хто правёў хірургічнае лячэнне астыгматызму рагавіцы і рэтынапатыі (паражэнне сяччаткі вока). Даследаванні, якія ён распачаў у Кітаі, пазней былі ім працягнуты ў Ельскім універсітэце, а яшчэ пазней у Мафра ў Бразіліі. Рукапісы з вынікамі гэтых даследаванняў былі надрукаваныя толькі ў 1952 годзе, аднак яны ніколі не былі выдадзеныя пад імем ксяндза Вацлава. Нягледзячы на гэта яго навуковыя дасягненні па-ранейшаму глыбока асвойваюцца і працягваюцца ў медыцыне, таксама ў і Кітаі, дзе камуністычныя ўлады далі імя ксяндза Шуневіча афтальмагічнай клініцы ў Сінтай.

У 1968 годзе гарадская рада ў Іраці (Бразілія) ушанавала кс. Вацлава Шуневіча СМ, назваўшы яго імем адну з вуліц і школу ў Вілла Рыа-Баніта.

Пасля распачацця працэсу беатыфікацыі кандыдат становіцца Слугой Божым. Пасля ўважлівага вывучэння цудаў, жыцця і справаў Слугі Божага, Апостальская Сталіца можа абвясціць яго спачатку блаславёным, а потым святым.

Будзем жа і мы маліцца, каб кс. Вацлаў Шуневіч СМ, як мага хутчэй стаў бласлаўлёным. А ў будучыні, калі на гэта дазволіць Пан Бог, кс. Вацлаў мог стаць нябесным заступнікам афтальмолагаў на Віцебшчыне, а магчыма і на Беларусі.

Падрыхтаваў кс. Аляксей ЛяшкоАфіцыял Біскупскага Суда.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова