• Вс. Сен 24th, 2023

Тадэвуш Даленга-Мастовіч, аўтар славутага “Знахара”, усё ж, нарадзіўся ў Глыбокім

Автор:vglybokaye

Янв 1, 2023

У 1991-м, у Глыбокім, адбылася досыць цікавая гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя. Я тады жыў у Латвіі, аднак атрымаў запрашэнне ад Глыбоцкага райвыканкама прыняць удзел у гэтай канферэнцыі і выступіць з дакладам.

Чым жа цікавая была канферэнцыя? Напрыклад, гісторык архітэктуры Людміла Трэпет выказала аптымістычнае меркаванне, што калі паўстане пытанне аднаўлення Беразвецкай царквы, “то для гэтага ў нас ёсць усё – і фатаграфіі, і чарцяжы”. Малады гісторык з Мінска Пашкевіч казаў пра тое, што ў сярэднявечных дакументах паўднёва-заходняя, радзівілаўская, частка Глыбокага заўсёды называлася горадам. Гэта цяпер шмат крыніцаў, ды хоць бы той інтэрнет, а ў 1991-м і слова такога не чулі! А тады гэта гучала як сенсацыя!

Прыехалі на канферэнцыю і палякі… Але, чамусьці, іх не дапусцілі да выступаў ў залі для шырокай аўдыторыі. Іх чытанне дакладаў было закрытым, то бок для “вузкага кола” слухачоў. Тады я і запытаў у Таццяны Дзмітрыеўны Сауліч, намесніка старшыні райвыканкама, якая і рыхтавала гэтую канферэнцыю – пра што казалі палякі? Яна, сярод іншага, сказала, што палякі аспрэчваюць факт нараджэння Тадэвуша ў фальварку Акунёва, кажуць, што ён нарадзіўся ў Глыбокім, куды пераехалі яго бацькі.

Тэкст, які змяшчаецца ніжэй, даслаў нам краязнаўца Кастусь Шыталь. Там – найноўшыя даследаванні на гэтую тэму.

Уладзімір Скрабатун.

 

Тадэвуш выдумаў сваё нараджэнне ў фальварку Акунёва, каб падкрэсліць сваё шляхецкае паходжанне

Піша краязнаўца Кастусь Шыталь.

Герб Dołęga.

З Нацыянальнага Гістарычнага Архіва Беларусі (ф. 1781, воп. 52, спр. 14) удалося здабыць метрыку хросту Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча.

Паводле метрыкі, Тадэвуш нарадзіўся 10.09.1900, а ахрышчаны быў 28.12.1900. У часы Расійскай Імперыі метрыкі запісваліся па юліянскім календары, такім чынам па грыгарыянскім календары дата нараджэння была 23.09.1900, дата хросту — 10.01.1901.

Цікава, што на той жа старонцы знайшоўся запіс пра хрост Станіслава Мядзёлкі, гэта брат Паўліны Мядзёлкі. Яе бацька Вінцэнт у гэты час жыў у Глыбокім, быў арганістам у глыбоцкім касцёле.

Месцам нараджэння Тадэвуша Мастовіча пазначна мястэчка Глыбокае. Такім чынам, канчаткова становіцца ясна, што Тадэвуш выдумаў сваё нараджэнне ў фальварку Акунёва, каб падкрэсліць сваё шляхецкае паходжанне. Зрэшты, ягоныя бацькі, як вынікае з метрыкі, усё ж належалі да дваранскага стану.

Трэба яшчэ праверыць, ці сапраўды ў канцы ХІХ стагоддзя належала Акунёва сям’і Патаповічаў, з якой паходзіла маці Тадэвуша Мастовіча. Бо ў 1875 годзе яно належала Буйніцкім, а ў 1905 — Граурам.

Справа — дом доктара Мікалая Палікоўскага. Цяпер — вул. Леніна, 5.

Хросным бацькам Тадэвуша Мастовіча быў Мікалай Палікоўскі. Гэта глыбоцкі ўрач, і адзін з самых багатых людзей Глыбокага на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзя. Ён пабудаваў адну з першых, і адну з самых вялікіх камяніц у горадзе — яна і цяпер стаіць па вуліцы Замкавай, 5. Доктар Палікоўскі быў удзельнікам многіх дабрачынных і асветніцкіх ініцыятываў у Глыбокім у першай палове ХХ стагоддзя. На шчасце, паспеў памёрці ў 1939 годзе, яшчэ да савецкай акупацыі.

Дасылаю таксама два фотаздымкі сям’і Тадэвуша Мастовіча. Адно фота зроблена каля іх дома на вуліцы Кракаўскай, 8. На другім фота — сям’я Мастовічаў у Глыбокім. Злева направа — бацька Стэфан Мастовіч, сястра Яніна (настаўніца пачатковай школы ў Глыбокім), брат Уладыслаў, сястра Ядвіга (будучая жонка былога прэм’ера Польскай Рэспублікі Фэліцыяна Славой-Складкоўскага), цётка Малгажата Жабко-Патаповіч. Фотаздымкі былі надрукаваныя ў кнізе Jarosław Górski. Parweniusz z rodowodem. Biografia Tadeusza Dołęgi-Mostowicza. Warszawa, wydawnictwo Iskry, 2021.

Сям’я Мастовічаў.
Дом спадарства Мастовічаў на вул. Кракаўскай,8 у Глыбокім.
comments powered by HyperComments
Scroll Up