Трагедыя на Ельнінскім балоце

Чалавечая памяць непадуладна часу. Мы абавязаны памятаць сваю гісторыю, не маем права зракацца сваіх каранёў і, такім чынам, імкнёмся перадаць нашчадкам тыя скарбы, якія атрымоўваем ад сваіх продкаў – нашае мінулае жыццё. Не толькі жыццё ўсяго грамадства, але і кожнага асобна ўзятага чалавека, каб не стаць Іванамі без памяці.
Аўтар артыкула.

Існуе багата пытанняў у гісторыі развіцця чалавецтва, якія цяжка патлумачыць пры дапамозе законаў логікі. Насельніцтва планеты ўзрастае вялікімі тэмпамі, а ўрадлівыя землі без чалавека дзічэюць, зарастаюць хмызам. Аднак, наблізімся да канкрэтных людзей. У лесе, побач з балотам Ельня, на левым беразе рачулкі Яленкі, на адлегласці 400м ад Чорнага возера, у 3,5км ад Кутоў знаходзіўся ўчастак урадлівай зямлі 0,30 га, на якім яшчэ з царскіх часоў жыла сям’я лесніка Альшэўскага Юстына. Ён ахоўваў балота і лясныя масівы, што належалі Медуніцкім. Юстын са сваёй жонкай Елізаветай і дзецьмі на гэтай зямлі вырошчвалі бульбу, іншую гародніну. Гадавалі кароў, займаліся бортніцтвам. Натуральна, актыўна карысталіся дарункамі прыроды: рыбай, грыбамі, ягадамі, арэхамі, травамі. Жыццё ішло аднастайна, але ў поўнай гармоніі з прыродай і людзьмі. Здаецца, нічога не магло пагражаць жыхарам гэтага адмежаванага ад вялікага свету людзей куточка цудоўнай прыроды.

Нават, калі ў 1939 годзе з нашай зямлі новая ўлада дэпартавала, прымусова перасяляла ў Сібір і на Поўнач СССР пэўную катэгорыю гра­мадзян, сям’ю Альшэўскага гэты лёс не крануў. Магчыма таму, што супрацоўнікі НКВД не ведалі пра існаванне гэтага “ворага народу”, а мясцовыя ўлады таксама забыліся пра іх.

Спакойны ды звыклы лад жыцця гэтай сям’і быў усё ж моцна парушаны ў першых днях чэрвеня 1944 года, калі немцы атачылі партызанаў на балоце Ельня. Немцы ў гэтай справе шырока выкарыстоўвалі латышскія ваенныя фарміраванні. Латышы разумелі, што Трэці Рэйх блізкі да свайго скону, таму надта верна не стараліся служыць. Немцы ж прызначылі да іх з мэтай кантролю сваіх афіцэраў. Для знішчэння абложаных з усіх бакоў партызан ужывалі артылерыю і авіяцыю. У нашу вёску Баркоўшчына прыбыла батарэя з 4-х гармат на коннай цязе. Па-над балотам лётаў нямецкі самалёт-разведчык, які заўважаў нават найменшыя перасоўванні людзей і даваў мэтаўказанні арты­лерыстам, якія ў сваю чаргу адкрывалі агонь.

У гэты ракавы дзень 6 чэрвеня 1944 года, калі немцы вырашылі шчыльным ланцугом прасачыць балота, каб ачысціць яго ад партызанаў, якія нейкім чынам не здолелі прыяднацца да асноўных сілаў, прабіць блакаднае кальцо ды сысці ў напрамку Новага Пагоста. Відаць, з самалёта быў заўважаны рух каля хаты Альшэўскага і перададзены мэтаўказанні на батарэю. Першы ж артылерыйскі залп накрыў цэль – адзін са снарадаў трапіў проста ў хату, разбурыў яе ды падпаліў. Гаспадыні Елізавеце параніла кісць рукі. Зрабіўшы перавязку і наспех сабраўшы харчы, гаспадыня і дзеці накіраваліся ў Куты, на бераг лесу, а Юстын застаўся тушыць пажар. У Куты дайсці яны паспелі да таго, як латышскія войскі на чале з немцамі пайшлі на зачыстку балота.

Тым часам, шчыльны ланцуг немцаў і латышоў пачаў прачэсваць балота. Вядома, яны выйшлі і да сядзібы Юстына. Як там усё адбылося далей, ніхто не ведае. Аднак знайшлі Юстына ўжо застрэленым. Вось так скончыў жыццё чалавек, які нічым іншым не вызначаўся сярод іншых прастых людзей, які нікому не зрабіў злога, жыў у гармоніі з прыродай. У гэты дзень, 6 чэрвеня 1944 года, згодна з дадзенымі кнігі “Памяць. Міёрскі раён”, шмат партызанаў, ураджэнцаў нашых вёсак і хутароў было залічана да зніклых без вестак.

Хадзілі чуткі паміж мясцовымі жыхарамі, што Юстын застаўся ахоўваць свой небагаты залаты запас. Але, калі гэта і так, то яшчэ адзін доказ яго высокай маральнай чалавечай натуры. У той час, калі зямля была ўласнасцю чалавека, а дзяржава гарантавала недатыкальнасць гэтай уласнасці, кожны селянін стараўся прыдбаць гэтую ўласнасць. Такіх прыкладаў шмат, а зямля мела і ведала свой кошт.
А што ж далей адбылося з сям’ёй Альшэўскага, які яе лёс? Трэба меркаваць, што пасляваенны халодны і галодны перыяд, а ён быў менавіта такім (10-гадовым хлапцом я меў магчымасць паспытаць на сабе “хараство” гэтага перыяду), падвергнуў гэтую сям’ю найцяжэйшаму выпрабаванню. Аднак Елізавета і яе дзеці вытрымалі яго, выжылі, давялі, што чалавек здатны да пераадолення любых складанасцей, калі барацьба за выжыванне вядзецца згуртаванай сям’ёй.

Іх сыны Пётр і Юзік жывуць у Польшчы. Па магчымасці прыязджаюць на радзіму і абавязкова наведваюць тое месца, дзе яны нарадзіліся. Дачка Нэля ажанілася з мясцовым добрым і працавітым хлопцам Загорскім Мікалаем, які паходзіць з хутара Камароўка. Яна падаравала яму пяць сыноў і дачку. Адзін з сыноў, Іван, памёр. Другі Загорскі Юзік жыве ў Германавічах. Васіль жыве ў вёсцы Ліпна, якая хутка вымірае, – у ёй засталіся толькі тры жыхары. Віталь і Франц аселі ў Сіцькове. Гэта паважаныя працаўнікі сельскай гаспадаркі. Дачка, Галіна Мікалаеўна, жыве ў Язне.

Ва ўсіх пяці сыноў і дачкі ёсць дзеці. Гэта ўжо праўнукі Юстына і Елізаветы. Вельмі важна, каб яны памяталі сваіх прадзеда і прабабулю, а галоўнае – знайшлі магчымасць хаця б раз у жыцці наведаць тыя мясціны, хай і паросшыя лесам, адкуль пайшлі іх карані. Невыпадкова я ў пачатку артыкула даў дакладныя каардынаты, каб нашчадкі, якія пабудуць ў тых мясцінах, душой прачулі прыгажосць і хараство таго краю, адкуль болей за сто гадоў таму распачаўся іх слаўны род Альшэўскіх-Загорскіх, каб яны не адчувалі сябе Іванамі без роду.

Фадзей Шымуковіч,
педагог, пенсіянер,
г. Дзісна

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23