10 красавіка шаноўнай спадарыні Адзе Эльеўне Райчонак споўніцца 84 гады.
Чатырохгадовай дзяўчынкай яна прайшла праз Віцебскае гета. Уратаваная зведала ліхалецце вайны, голад і холад. Выжыла і прысвяціла сваё жыццё прафесіі настаўніка, актыўнай грамадскай дзейнасці.
Тое, што стварыла гэта мужная, моцная духам жанчына з добрым, шчырым, чулым сэрцам па аднаўленні і захаванні нацыянальнай і культурнай спадчыны (этнаграфічны музей, які стаў культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча, мастацкая галерэя), ушанаванні памяці воінаў, якія вызвалялі нашу мясцовасць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (музей баявой славы ў Германавіцкай СШ), мірных жыхароў, ахвяраў нацызму, спаленых вёсак.
Зробленае ёй цяжка дакладна ацаніць, яе праца выклікае вялікую павагу. У Ады Эльеўны шмат сяброў па ўсёй Беларусі. Яе шчырае імкненне — падтрымаць кожнага і, чым можна,заўсёды дапамагчы.
Піша Людміла Ардынская, грамадская актывістка з Радзюкоў.

Павіншуйма 10 красавіка з днём нараджэння гэтую цудоўную жанчыну, пажадайма ёй доўгіх гадоў жыцця, любові родных, увагі і павагі яе шматлікіх сяброў.
Людміла Ардынская
Трымайся, Ада!
Як перажыць пакутніцы жанчыне
Такі сыход з жыцця — загубу сына?
Спачатку кат covid адмучыў маці,
Ды вырвалася з лап, забраў дзіцяці.
Шаноўнейшая Ада, мы з табою!
Падзелім, крыху зменшым твайго болю.
І верым, зможаш ты на ногі ўзняцца,
Каб зноў вучыць людзьмі нас называцца.
Ты зведала з дзяцінства кошт не рэчаў,
А думак, мараў і ўчынкаў чалавечных.
За ўсё жыццё карысці не шукала,
Людзям часцінку сэрца аддавала.
Ты не аднойчы ў галерэі ўсіх сустрэла —
Ішлі, з’язджаліся, нібы да Зоські Верас,
Дзе беларуская гучала песня, слова,
Дзе дабрыня і міласэрнасць не прадмова.
Трымайся, Ада, нам сяброўка дарагая!
Няхай надзея жыць табе дапамагае.
За Міхася, за Аляксандра жыць павінна,
Сыноў тваіх і нашу ўсю Айчыну!
Ада Эльеўна, дзякуй Богу, ачуняла ад каранавірусу. Але яшчэ знаходзіцца ў Наваполацкай бальніцы. Аднак, нечакана, прыйшла бяда — сёння стала вядома, што ў Германавічах памёр яе старэйшы сын Аляксандр.



Дранік Фэст -2016 у Ады.



