У Беларусі беспрацоўныя могуць прайсці навучанне больш як па 100 прафесіях

У Беларусі беспрацоўным прапануецца прайсці навучанне больш як па 100 прафесіях, паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алег Такун у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

«У цэлым па краіне беспрацоўныя могуць прайсці перанавучанне больш як па 100 прафесіях. Прычым частка з іх — амаль 20 працэнтаў — гэта прафесіі інтэграваныя, калі чалавек адначасова атрымлівае іх дзве і больш, напрыклад, сакратара і інспектара аддзела кадраў. Як правіла, гэта больш распаўсюджана ў рабочых прафесіях (тынкоўшчык-маляр, абліцоўшчык-плітачнік)», — расказаў Алег Такун.

Атрымаць другую вышэйшую або прайсці перападрыхтоўку можна, у прыватнасці, на базе Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Як расказаў рэктар інстытута Алег Лісейчыкаў, другую вышэйшую можна атрымаць па спецыяльнасцях «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм», «лагістыка», «бухгалтарскі ўлік і кантроль у прамысловасці», «псіхалогія». Рыхтуюць і адміністратараў, кладаўшчыкоў, спецыялістаў па аўтаматызацыі бухгалтарскага ўліку, офісных інтэрнэт-тэхналогіях, рэкламнай графіцы, камп’ютарнай вёрстцы. Акрамя таго, у інстытуце вядзецца падрыхтоўка па інтэграваных групах прафесій: сакратар, інспектар аддзела кадраў, архіварыус.

«Спіс спецыяльнасцей, запатрабаваных на рынку працы, вызначае камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Мы ўзаемадзейнічаем і аператыўна рэагуем па распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі», — рэзюмаваў Алег Лісейчыкаў.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова