У Беларусі кніга Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» прызнана самай папулярнай у 2019 годзе

Кніга Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», перавыдадзеная выдавецтвам «Папуры», прызнана самай папулярнай у 2019 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністэрства інфармацыі сумесна з Нацыянальнай кніжнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сёння далі старт праекту «Кнігі Беларусі. Год 2019». Мерапрыемства прайшло ў выставачнай зале Нацыянальнай бібліятэкі. Сотні выдаўцоў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, індывідуальныя прадпрымальнікі запрошаны на ўнікальную выставу, якая прадставіла кнігі, выдадзеныя ў Беларусі ў 2019 годзе. Сімвалічным адкрыццём выставы стала прадстаўленне беларускага аўтара (яго кнігі), які па выніках аналізу інфармацыі кнігагандлюючых арганізацый, Нацыянальнай кніжнай палаты з’яўляецца найбольш папулярным у сучаснага чытача.

«Найбольш папулярных аўтараў і кнігі вельмі складана выбіраць. Мы ўзялі аналітыку з OZ.by, «Белкнігі», «Саюздруку», тавараправодных сетак аб тым, колькі кніг было куплена, якога аўтара, якая кніга была найбольш запатрабавана ў 2019 годзе, — сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — У выніку перамагла кніга Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», перавыдадзеная выдавецтвам «Папуры». Што вельмі сімвалічна напярэдадні 90-годдзя класіка, якое мы будзем адзначаць у наступным годзе».

Сённяшняя кніжная падзея павінна падкрэсліць значэнне кнігі, культуры чытання, ролі кнігавыдаўцоў, аўтараў у Беларусі. На выставе прадстаўнікам кнігавыдавецкай сферы, а таксама ўсім, хто звязаны з папулярызацыяй кнігі, яе пашырэннем у грамадстве, прадстаўлена магчымасць ацаніць кніжны прадукт 2019 года, убачыць беларускія кнігі — пераможцы нацыянальнага і міжнародных конкурсаў, у нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з тымі, хто ўносіць свой уклад у захаванне традыцый і развіццё сучаснага нацыянальнага кнігавыдання. Чакаецца, што выстава будзе працаваць да лютага.

Акрамя таго, у Нацыянальнай бібліятэцы ўручаны дыпломы за выпуск у бягучым годзе самай вялікай колькасці выданняў — па тыражах, па найменнях, за папулярызацыю беларускай мовы, выпуск кніг, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прэзентацыйных выданняў. Арганізатары мерапрыемства і выдавецтвы Беларусі ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» падарылі сюрпрыз Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнату — бібліятэчку дзіцячай літаратуры. Дарэчы, менавіта Бялынічы прымуць у 2020 годзе Дзень беларускага пісьменства. Таксама адбыўся паказ спектакля-мюзікла «Пясняр» акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. Пастаноўка прысвечана народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, дзякуючы якому беларуская паэзія і песня сталі часткай сусветнай культуры.

Кар. БЕЛТА


comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова