У Брэсцкай вобласці паспеў новы ўраджай чарніц ФОТАФАКТ

Чытачка sb.by Надзея Яцура з Маларыцкага раёна была здзіўленая, калі каля дарогі ўбачыла зялёны чарнічнік з ягадамі:

— Паехала ў грыбы на ровары, атрымала задавальненне — і белыя трапляліся, і зялёнкі. Надвор’е цудоўнае, у лесе — восеньская прыгажосць. Каля дарогі, якая вядзе да Арэхаўскага возера, убачыла зялёны чарнічнік, на якім віселі ягады. Не паверыла сваім вачам. Сарвала, паклала ў рот. Смак такі, як у першых чарніцаў летам. Атрымліваецца, малады чарнічнік не дачакаўся вясны і зацвіў, ашуканы цёплай восенню. Сарвала некалькі галінак, каб паказаць сяброўкам, інакш хіба паверылі б?

Намеснік дырэктара Палескага аграрна-тэхнічнага інстытута, кандыдат біялагічных навук Віктар Дзямянчык адзначыў, што гэты год быў не лепшым для чарнічніка:

— Красавік выдаўся анамальна засушлівым — самым сухім за апошнія 74 гады. А ў канцы красавіка — маі, у перыяд цвіцення ягады, месцамі назіраліся замаразкі. Тое, што чарніцы вырашылі заквітнець і пладаносіць не ў свой час — з’ява рэдкая. Але чаму ўжо здзіўляцца? Рэмантантныя — здольнасць раслін паўторна квітнець і пладаносіць на працягу аднаго вегетацыйнага перыяду, мы, бывае, назіраем у яблынь, і ўжо штогод — у каштанаў. Чарніцы вырашылі далучыцца да гэтай кампаніі.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова