85-гадовы жыхар вёскі Дамашкавічы Докшыцкага раёна выйшаў прагуляцца і знік. Знайшлі яго ноччу ў лесе за некалькі кіламетраў ад жылля.
У Докшыцкім раёне 85-гадовы дзядуля правёў ноч у зімовым лесе, яго атрымалася знайсці жывым.
Дзядуля выйшаў на вуліцу ў 16:00, каб падыхаць свежым паветрам. Праз некалькі гадзін яго жонка стала турбавацца доўгай адсутнасцю мужа, які да таго ж выйшаў без тэлефона, і ў 0:20 1 снежня патэлефанавала выратавальнікам.
У месцы, дзе знік мужчына падраздзялення МНС сустрэліся з прадстаўніком лясгаса. Каля трох кіламетраў па лесе пошукавая партыя ехала на машыне, а потым выратавальнікі пайшлі пешшу.
Двое пажарнікаў знайшлі ў лесе сляды і рушылі ўздоўж іх. Зніклага старога яны знайшлі толькі бліжэй да раніцы. Пенсіянер ляжаў на снезе і не мог распавесці, што з ім здарылася.
Выратавальнікі развялі вогнішча і сталі сушыць абутак і адзежу пацярпелага. Самога пенсіянера яны атулілі лапнікам. Калі пачало світаць, рэчы падсохлі, а мужчына адагрэўся, усе адправіліся назад.
На ўзлеску лесу ўжо чакала «хуткая», пераахалоджанага састарэлага мужчыну перадалі медыкам, якія шпіталізавалі яго ў лякарню для далейшай дыягностыкі стану яго здароўя, паведамляецца прэс-службай МНС.
Зоя Машэка
comments powered by HyperComments