1 сакавіка стала вядома пра выяўленне на Кагальным возеры ў Глыбокім умерзлага ў лёд цела рыбака, што знік яшчэ 5 студзеня.
Як ужо паведамлялася, мужчына адправіўся рыбачыць 5 студзеня і не вярнуўся дадому, але яго сваякі звярнуліся за дапамогай толькі праз пяць дзён.
Атрымалася знайсці жарліцы са сцяжкамі, усталяваныя жыхаром райцэнтра на лунках, а таксама яго ровар. Але дакладнае месца, дзе мужчына сышоў пад лёд, усталяваць не змаглі з-за адлегласці часу.
Па інфармацыі МНС, цела зніклага 45-гадовага глыбачаніна знайшлі 1 сакавіка ў 11:00 на Кагальным возеры, дзе ён рыбачыў.
Труп мужчыны выявілі на паверхні возера. Двое выратавальнікаў у вадалазных касцюмах высеклі патанулага з ледзяной глыбы, а затым даставілі рыбака на бераг пры дапамозе выратавальнай дошкі.
Іван Дзедушкін
comments powered by HyperComments