Навукоўцы паведамляюць пра катастрафічнае скарачэнне колькасці прэснаводнай рыбы ў свеце. Вядома, што вымерла ўжо 80 відаў, прычым 16 з іх — толькі за апошні год.

Дабрабыт мільёнаў людзей залежыць ад прэснаводнай рыбы. Для іх гэта частка рацыёну, а таксама магчымасць зарабіць на гандлі.
Аднак праз такія негатыўныя фактары, як забруджванне, браканьерства, асушэнне і перакрыццё дамбамі рэк і балатоў, колькасць прэснаводнай рыбы рэзка скарацілася. Пра гэта стала вядома з даклада The World’s Forgotten Fishes, падрыхтаванага 16 міжнароднымі прыродаахоўнымі арганізацыямі, паведамляе ВВС.
Па звестках Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF), што ўзяў удзел у падрыхтоўцы даклада, шмат у чым выміранне звязанае з дрэнным станам рэк, у асноўным праз забруджванне, наяўнасць дамбаў і каналізацыйных стокаў.
Як паведамляецца ў дакладзе, за апошнія 50 гадоў колькасць рыбы тых відаў, што мігруюць паміж месцамі нерасту і зімоўкі, скарацілася на тры чвэрці. За гэты ж перыяд папуляцыі буйных відаў рыб скараціліся ажно на 94%. Летась кітайскага весланоса, найбуйнейшую прэснаводную рыбу ў свеце, прызналі вымерлай.
Што датычыць Беларусі, пад пагрозай знікнення знаходзяцца больш за 10 відаў рыб, сярод якіх чачуга (сцерлядзь), ліпень (еўрапейскі харыус), звычайны вусач, рыбец ды іншыя.
