Віталь Воранаў падарыў Глыбоцкай бібліятэцы старажытную гравюру з выявай беларускага дудара

Падчас Дударскага Рэя 2019 упершыню адбылася канфе­рэнцыя з удзелам мясцовай прэсы. Падчас гэтага ме­ра­прыемства ста­ла вядома пра наступнае. У калецыю дударскіх выданняў, што у Цэнтральнай раённай бібліятэкі Глыбокага трапіў унікальны экспанат, які мог бы годна аздобіць калекцыю Нацыянальнага Музея.
Менавіта дзякуючы ахвяраванням дабрадзеяў (Марат Клакоцкі, Хрыстафор Жаляпаў, Ганна Шарко) арганізатару фэсту ўдалося выкупіць адну з копій дарагой і славутай гравюры «Музыкі-русіны». Антверпен, 1581 г. Менавіта на ёй, сярод розных еўрапейскіх вайскоўцаў таго часу, выяўленыя барабаншчык і дудар (Ludio Rhutenus) войска ВКЛ. Пра гэтую гравюру даследчык і дудар Зміцер Сасноўскі піша ў сваёй кнізе «Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага»:
У войсках ВКЛ і Ка­роны Польскай выка­рыстоўваўся і іншы від аркестра — бубен і дуда з малым корпусам (неэластычным рэ­зервуарам). У кнізе Абрахама дэ Бруйна (de Bruyn), выдадзенай у Антверпене ў 1581 г., бачым гравюру «Музыкі-русіны», дзе паказаны барабаншчык і дудар войска Вялікага Княства — За поясам у дудара зменная жалейка, на руцэ вісіць горн.


У кнізе «Гісторыя беларускіх музычных уплываў» таго ж аўтара чытаем больш падрабязнае апісанне:
Далёка за межамі Вялікага Княства Лі­тоўскага здабылі вядо­масць нашыя вайсковыя музыкі. У 1515 г. пад Прэсбургам (сучасная Браціслава) і ў Вене адбыўся з’езд каралеўскіх дынастый Ягелонаў і Габсбургаў — сустрэча чэшскага, польскага і венгерскага каралёў. Пасольства ВКЛ на гэтай сустрэчы ўзначальваў ваявода віленскі і канцлер Вялікага Княства князь Мікалай Радзівіл (сын Мікалая). Ён разам з магнатам Станіславам Гаштольдам са сваімі прыдворнымі і прыватным войскам прывёз з Літвы вайсковы аркестр, які меў фантастычную для таго часу колькасць удзельнікаў — 100 музыкаў. Аркестр граў пры каралях і вельмі здзівіў немцаў і італьянцаў [86]. Выступ 100-асабовай «літоўскай» капэлы сведчыць пра высокую культуру параднай вайсковай музыкі Княства Літоўскага. Магчыма, гэта паўплывала на тое, што вайсковыя музыкі ВКЛ сталі вядомыя ў Заходняй Еўропе і трапілі ў заходнееўрапейскія выданні. Напрыклад, у кнізе Абрахама дэ Бруйна, выдадзенай у Антверпене ў 1581 г., бачым гравюру «Музыкі-русіны», дзе паказаны барабаншчык і дудар войска Вялікага Княства [88, 89].
Паводле Віталя Воранава

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23