Да складання паўнавартаснага рацыёну школьніка патрабуецца глыбокі падыход з улікам спецыфікі дзіцячага арганізма.
Асваенне школьных праграм патрабуе ад дзяцей высокай разумовай актыўнасці. Маленькі чалавек, які далучаецца да ведаў, не толькі выконвае цяжкую працу, але адначасова і расце, развіваецца, і для ўсяго гэтага ён павінен атрымліваць паўнацэннае харчаванне. Напружаная разумовая дзейнасць звязана са значнымі выдаткамі энергіі. Сучасны школьнік, на думку дыетолагаў, павінен есці не менш чатырох разоў у дзень, прычым на сняданак, абед і вячэру абавязкова павінна быць гарачая страва. Для арганізма, які расце, абавязковыя малако, тварог, сыр, кісламалочныя прадукты — крыніцы кальцыя і бялку. Дэфіцыт кальцыя і фосфару таксама дапамогуць папоўніць рыбныя стравы. У якасці гарніру лепш выкарыстоўваць не бульбу ці макароны, а тушоную або вараную гародніну (буракі, цыбулю, моркву, бабовыя, часнык і капусту). За дзень школьнікі павінны выпіваць не менш аднаго-паўтары літраў вадкасці, але не газаванай вады, а фруктовых ці агароднінных сокаў.
Асноўныя правілы харчавання школьнікаў:
1. На сняданак абавязкова павінна быць гарачая страва, напрыклад кашы, амлет, запяканка, блінцы. Добрым дадаткам з’яўляюцца агароднінная салата і гарачыя напоі (чай, кававы напой).
2. Абед школьніка залежыць ад таго, дзе ён яго атрымлівае, дома або ў школе. Але ў любым выпадку меню абеду павінна ўключаць у сябе невялікае па аб’ёме першае – суп мясны, курыны, рыбны, вегетарыянскі з даданнем зеляніны, другая страва – адварное або тушанае мяса, рыба з гарнірам з гародніны і салодкая страва (напой) або сок.
3. Калі паміж абедам і вячэрай вялікі прамежак часу, мэтазгодна дадаць падвячорак – свежую садавіну з натуральным ёгуртам, або сыр з гарбатай, або малако з цэльназерневай булачкай.
4. На вячэру – яечныя, або тварожныя, агароднінныя, рыбныя стравы, чай, малако. Хлеб лепш падаваць жытні або збожжавы. Пірожныя, тарты, халву, шакалад і г. д. не варта ўключаць у штодзённы рацыён дзіцяці (ды і дарослых таксама!), лепш іх пакідаць на выхадныя і святочныя дні.
5. У якасці кандытарскіх рэкамендуецца ўжываць багатыя пектынам вырабы (зефір, мармелад, джэм).
ВАЖНА!
• Не варта падганяць дзяцей падчас ежы, а за сняданкам асабліва!
• Непажадана перабіваць апетыт бутэрбродамі, чыпсамі, прысмакамі.
• Вялікая колькасць выпечкі, прысмакаў, газіровак прыводзіць да парушэння абмену рэчываў.
• Для дзіцяці важныя тры прынцыпы: збалансаванасць, умеранасць і разнастайнасць.
Паўнавартаснае і правільна арганізаванае харчаванне – неабходная ўмова доўгага жыцця, адсутнасць многіх захворванняў.
А.Хаданёнак,
заг. ад. гігіены Глыбоцкага РЦГЭ