• Вс. Май 29th, 2022

Як у бітве з туркамі, пад Хоцінам, загінуў Мікалай Багуслаў Зяновіч, уладальнік Глыбокага, кашталян полацкі, камандзір харугвы крылатых гусараў

Автор:vglybokaye

Янв 20, 2022

Кастусь Шыталь, краязнаўца, адзін з нашых аўтараў, зрабіў чарговую сенсацыю — знайшоў цікавыя гістарычныя звесткі пра Мікалая Багуслава Зяновіча, які загінуў у бітве з туркамі.

Нагадаем, Зяновічы, валодалі паўднёва-заходняй часткай Глыбокага Віленскага ваяводства, якая ў тыя часы часта называлася горадам. Потым гэтая частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў. Паўночна-усходняй часткай Глыбокага (мястэчкам) Полацкага ваяводства, валодалі Корсакі, потым манахі кармеліты. Цэнтрам гэтай часткі Глыбокага быў сённяшні пляц 17 Верасня. Два Глыбокіх падзяляла рэчка Беразвіца, па ёй праходзіла і мяжа Віленскага і Полацкага ваяводстваў, нават мяжа Літвы і Белай Русі.

Ён піша:

“Перш чым паехаць на вайну, 6 мая 1621 года ў Глыбокім полацкі кашталян Мікалай Багуслаў Зяновіч напісаў тэстамэнт. Ён знаходзіцца ў архіве старажытных актаў у Варшаве, мы рана ці позна да яго дабярэмся.


Падчас атакі на туркаў 7 верасня 1621 года Мікалай Зяновіч быў камандзірам харугвы гусарыі — тых славутых крылатых гусараў Рэчы Паспалітай, эліты цяжкай кавалерыі. У той дзень у атаку на туркаў пайшлі чатыры харугвы гусараў — усяго каля 600 коней. Мікалай Зяновіч даводзіў адной з харугваў, у якой было каля 120 коней.


Сучаснікі ўспамінаюць, што падчас атакі ён меў на даспехах выяву мальтанскага крыжа. Падчас бітвы яго конь аслабеў, Мікалай Зяновіч зваліўся на зямлю, з галавы зваліўся шлем. Непрыяцелі нанеслі яму 21 рану. Паплечнікі вынеслі яго з поля бітвы, і ён памёр на трэці дзень пасля бітвы.

Хоцінская фартэцыя (Украіна).

Дачка Мікалая Багуслава, Ганна Зоф’я Зяновіч, выйшла замуж за Радзівіла. У 1627 годзе фундавала царкву ў Порплішчы. Дзве яе дачкі сталі манахінямі ў бернардынак і кармелітак”.

Ганна Зяновіч.

Пабудаваная Ганнай Зяновіч драўляная царква ў Порплішчы, адна з самых старажытных у Беларусі.

Падрыхтаваў Уладзімір Скрабатун.

comments powered by HyperComments
Scroll Up