• Вт. Апр 13th, 2021

За любоў да гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь — штраф 60 базавых велічыняў.

Автор:vglybokaye

Апр 2, 2021

ЦЫТАТА ДНЯ:

“Статус герба Вялікага княства Літоўскага “Пагоня” замацаваны гістарычна і афіцыйна. Пра гэта заявіў 3 траўня 2010 г на прэс-канферэнцыі ў Мінску намстаршыні Геральдычнага савета пры прэзідэнце, дырэктар дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Ўладзімір Адамушка, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Ён адзначыў, што ў краіне дзейнічаюць афіцыйныя дзяржаўныя знакі, зацверджаныя заканадаўствам Беларусі. “Статус жа былых дзяржаўных знакаў не зацверджаны айчынным заканадаўствам”, – сказаў Адамушка.

Герб ВКЛ “Пагоня” занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, адзначыў ён. “Акрамя таго, гэты геральдычны знак знайшоў сваё месца на гербах такіх гарадоў, як Віцебск, Верхнядзвінск і Лепель (Віцебская вобласць), а таксама Рэчыца (Гомельская вобласць). Такім чынам, малюнак гэтага герба замацаваны гістарычна і афіцыйна”, — падкрэсліў Адамушка.

 

Цытата, прыведзеная тут вышэй — нездарма! Сёння Аляксандру Шэлепню, гісторыку па адукацыі, суддзя Глыбоцкага раёна А. Тарасевіч — прысудзіў паводле міліцэйскага пратаколу — 60 б/в штрафу. А менавіта гэтую цытату прывёў у якасці аргумента гісторык А. Шэлепень, на карысць таго, што герб “Пагоня” — не забаронены і яго знаходжанне на ўласным балконе — не можа з’яўляцца не дазволеным пікетаваннем.

Міліцыя ж палічыла адзіночным пікетаваннем — знаходжанне на балконе сп. А. Шэлепня выявы герба Пагоня. 

Акрамя таго гісторык Аляксандр Шэлепень у сваім тлумачэнні ў судзе заўважыў, што вельмі ганарыцца тым, што палкі Вялікага Княства Літоўскага (па цяперашняму — беларускія) ішлі на бітву пад Грунвальдам у 1410-м годзе — Бітву Народаў — са сцягамі з Пагоняй. Вынік бітвы — 500 гадоў затым нямецкі бот не ступаў на беларускія землі (толькі ў 1914-м). І мне за гонар мець на сваім балконе такую гістарычную рэліквію!

Суддзя моўчкі выслухаў довады гісторыка Аляксандра Шэлепня, пагартаў дакументы, прадстаўленыя з боку А. Шэлепня — з копіямі гербаў гарадоў Беларусі, дзе маецца выява Пагоні, герба Віцебскай вобласці, і абвесціў прысуд — 60 базавых велічыняў за “адзіночны пікет”.

Аляксандр Шэлепень і яго дачка юрыст — будуць абскарджваць вырак глыбоцкага суда — у абласным судзе, калі там не вырашыцца станоўча — у Мінску.

З усяго гэтага ўзнікае лагічнае пытанне: Што рабіць людзям, у якіх Пасведчанне аб нараджэнні — з Пагоняй, у каго дыплом аб сканчэнні ВНУ — з Пагоняй. Спаліць? А што рабіць міліцыянтам у каго на здымках да 1996 г — кукарда — з Пагоняй, гузікі — з Пагоняй.

А што наогул рабіць з футбольнай камандай — ФК “Лепель”? У іх жа на майках — Пагоня. Ага! Ёсць і нагода адпомсціць ім за пройгрышы ФК “Глыбокае”. Як прыедуць ізноў у Глыбокае — адразу ў пастарунак іх на 15 сутак?

comments powered by HyperComments
Scroll Up