• Ср. Дек 7th, 2022

Загоннае паляванне на капытных з 1-га кастрычніка

Автор:vglybokaye

Сен 24, 2021

З 1 кастрычніка бягучага года для паляўнічых настае доўгачаканы сезон загоннага палявання на капытных — гэта лось, кабан, казуля, алень высакародны, алень плямісты, лань і муфлон.

 

Паляванне ажыццяўляецца на жывёл любога полу і ўзросту і падоўжыцца па 31 снежня.  

 

Для здабычы лася, аленя, лані, дарослага кабана (старэй 2-х гадоў) неабходна выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўлёў, а для здабычы казулі і маладняка кабана (да 2-х гадоў) ­– наразная паляўнічая зброя з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўлёў. У абодвух выпадках можна таксама ўжываць гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў, падрыхтаваных куляй, паляўнічыя лукі і арбалеты вызначаных параметраў. Пароды сабак, якім дазволена ўдзельнічаць у гэтых паляваннях, вызначаюцца па рашэнні карыстальніка паляўнічых угоддзяў.

Усім паляўнічым вядома, што загоннае паляванне з’яўляецца калектыўным – што дазваляе дадаць да атрымання адрэналіну жывыя зносіны з аднадумцамі, старымі сябрамі. Такі калектыў разам рыхтуецца да палявання, чакае з’яўлення звера, цешыцца ўдалай стральбе і абмяркоўвае мінулае паляванне наўпрост на прыродзе. Аднак, загоннае паляванне гэта яшчэ і найстрогае выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі, бо на кану не толькі тваё жыццё, але і жыццё твайго калегі. Таму неабходна ўсім дадаткова нагадаць пра асноўныя патрабаванні тэхнікі бяспекі.

У загонным паляванні могуць браць удзел асобы (не маладзей за16 гадоў), якія не з’яўляюцца паляўнічымі – у якасці загоншчыкаў. Іх прозвішчы, нароўні з іншымі ўдзельнікамі палявання, таксама павінны быць указаны на звароце паляўнічай пуцёўкі.

У мэтах бяспекі забараняецца праводзіць загоннае паляванне ў змярканні, у смузе, у моцны снегапад, ва ўмовах дрэннай бачнасці. Паляўнічым забаронена выходзіць на сярэдзіну прасекі, дарогі ці на процілеглы бок акладу, змяняцца нумарамі, самастойна выбіраць месцы і сыходзіць з нумара да канчатка загону, акрамя выпадкаў, калі паляўнічы павінен аказаць неадкладную дапамогу іншай асобе, якая патрапіла ў бяду. Нельга страляць уздоўж стралковай лініі, за межамі свайго сектара, пасля сігналу пра канчатак загону, ужываць самазарадную зброю з ёмістасцю магазіна больш за  10 патронаў, а таксама патроны да наразной зброі з абалоненай куляй і да гладкаствольнай зброі з круглай куляй.

Паважаныя грамадзяне! Адпраўляючыся на паляванне, асвяжыце ў памяці ўсе правілы палявання, праверце наяўнасць усіх неабходных дакументаў.

Удалага  усім палявання!

Д.І.Барыла,  ст. дзяржінспектар Глыбоцкай міжраённай інспекцыі

comments powered by HyperComments
Scroll Up