• Сб. Апр 1st, 2023

Заўтра — Вадохрышча!

Автор:vglybokaye

Янв 18, 2023

Як бачым — ніхто ў палонку голы не лезе!

Не акуналіся ў ваду на Вадохрышча ні ў праваслаўнай, ні ў каталіцкай традыцыях Беларусі, гэтая мода была прынесеная ў 90-я гады расійскай масавай культурай. Святары не бачаць у гэтым святасці, а дактары кажуць, што гэта вядзе да цыстытаў і імпатэнцыі.

Урачыстае асвячэнне вады на рацэ Мнюціцы ў мястэчку Лужкі Дзісенскага павета. Сярэдзіна 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Фота з архіва Зінаіды Елісеевай (Мяцеліца).

Вось на фота Вадохрышча на рацэ Мнюціцы ў мястэчку Лужкі Дзісенскага павета. Фота зробленае ў сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Гэта быў важны фэст, з працэсіяй і крыжам, выразаным з лёду, але ніхто не акунаўся. Больш за тое, такое акунанне грамадская думка тады палічыла б непрыстойнасцю. Даўней саромеліся пры людзях раздзявацца і лезці ў ваду.

А вось як апісвае святкаванне Вадохрышча ў сваёй працы «Абрады і звычаі Дзісеншчыны» Васіль Стома:

«На Вадохрышча ў некаторых цэрквах, асабліва калі яны знаходзіліся недалёка ад ракі ці возера, адбывалася ўрачыстае пасвячэнне вады. Дзеля гэтага ўжо за пару дзён перад святам выразаўся з лёду вялікі колькіметровы крыж, які фарбаваўся найчасцей ярка-сіняй фарбай і ўстанаўляўся на лёдзе недалёка ад берага ракі; навокал крыжа расстаўляліся зялёныя ялінкі ды іншыя ўпрыгожанні. Пасля заканчэння Багаслужбы ў царкве ў бок ракі ці возера ішоў хрэсны ход; па кароткіх малітвах над вадой святар апускаў у загадзя прасечаную палонку напрастольны крыж і гэтым самым асвячаў ваду. У часе апускання крыжа паліцыя, войска ці іншыя стралкі давалі залпам тры выстралы.

Пасля заканчэння Багаслужбы на рацэ кожная сям’я набірала з палонкі вады ў загадзя падрыхтаваную пляшку. Гэтая вада лічылася святой ды перахоўвалася праз цэлы год для ўжытку ў розных выпадках, такіх як пажар, раптоўная хвароба і г. д.»

«Акунанне ў палонку на Вадохрышча — цалкам не царкоўны звычай. Ён не мае ніякай сакральнай сілы, з ім адназначна не звязана абмыванне грахоў, — расказваў светлай памяці протаіерэй Сергій Гардун.

Ёсць толькі два спосабы вызвалення ад сваіх грахоў. Першы — гэта само прыняцце хрышчэння, і чалавек можа быць ахрышчаны толькі адзін раз у жыцці. Па-другое, калі мы … каемся ў сваіх грахах. … Царква загадвае гэта рабіць не радзей чым 4—5 разоў на год, можна часцей, кожны месяц».

Ён адзначыў, што непадрыхтаваны чалавек, акунаючыся ў палонку, можа толькі нашкодзіць свайму здароўю.

comments powered by HyperComments
Scroll Up