Віцебскі аблсавет ізноў увёў мясцовы збор за перасячэнне дзяржаўнай мяжы транспартнымі сродкамі ў пунктах пропуску, але збіраць яго пачнуць з 1 лютага.
Нагадаем, што ўпершыню такі збор быў уведзены рашэннем абласнога Савета дэпутатаў ад 29 чэрвеня 2021 года і дзейнічаў з 1 жніўня 2021 года па 1 студзеня 2023 года.
Новае рашэнне пра ўводзіны такога збору, зараз ужо да 1 студзеня 2025 года, было прынята дэпутатамі 30 снежня мінулага года. Яно было апублікавана 12 студзеня і ўступае ў сілу з першага чысла месяца, наступнага за месяцам яго афіцыйнага апублікавання, г.зн. – з 1 лютага.
Як і перш, збор складае адну базавую велічыню, цяпер гэта ўжо 37 рублёў.
Дакумент таксама ўсталёўвае некалькі катэгорый, якія вызвалены ад збору за перасячэнне дзяржмяжы: супрацоўнікам дзяржорганаў, якія едуць па справах службы; замежнікам, запрошаным дзяржорганамі і дзяржарганізацыямі; замежнікам, што едуць на “Славянскі базар у Віцебску“, пры наяўнасць квіткоў на канцэрты; ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; замежнікі з дакументам, якія пацвярджаюць ступень цяжару і выяўленасці цяжкасцяў фізічнай актыўнасці і ўдзелу 75-100 адсоткаў; беларусы, што едуць за мяжу на лячэнне; замежнікі, якія выязджаюць з Беларусі пасля санаторыя ці іншага лячэння; беларусы і замежнікі, што выязджаюць для догляду за цяжка хворымі сваякамі; замежнікі, якія выязджаюць з Беларусі пасля пахаванняў сваякоў; а таксама ўсе тыя, каго дэпартуюць з нашай краіны.
comments powered by HyperComments