Зміцер Лупач аштрафаваны на вялікую суму за сюжэт пра Дразды

Амаль на 1300 беларускіх рублёў аштрафаваў суд Пастаўскага раёна журналіста з Глыбокага Змітра Лупача за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Судовае пасяджэнне 22 снежня вяла суддзя  Наталля Максімовіч.

Адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) у дачыненні журналіста-фрылансера Змітра Лупача распачалі міліцыянты Пастаўскага РАУС. Падставай стаў відэасюжэт пра вёску Дразды Пастаўскага раёна, размешчаны на YouTube  тэлеканала “Белсат”.

Зміцер Лупач зазначае, што гэта самы вялікі штраф (47 базавых велічыняў) за супрацу з “Белсатам”, які яму выносілі. Але першы — за ролік, які быў размешчаны на YouTube-канале.

— Я звяртаў увагу суддзі на тое, што і “Аднакласнікі”, і Facebook, ды іншыя —  гэта таксама замежныя сеткі. Але гэта не было прынята да ўвагі, і ўсё адно быў прызначаны штраф памерам аж 47 базавых велічыняў, — распавёў Зміцер. 

Журналіст не згодны з рашэннем Пастаўскага суда і намераны абскарджваць яго ў вышэйшай інстанцыі.

Падтрымаць журналіста на судовы працэс прыйшлі мясцовыя грамадскія актывісты. Іх было дзевяць чалавек, у залу пусцілі ўсіх.

Сёлета гэта пятая адміністрацыйная справа, заведзеная на Змітра Лупача паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Раней па  гэтым артыкуле яго судзілі ў Шаркаўшчыне, Паставах і Глыбокім.

22.12.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

 

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова